ЧАЛАВЕКА ПАМЯТАЮЦЬ ПА ЯГОНЫХ СПРАВАХ

6.19.2016 | Клімавічы
GRYDZINA_foto

Сяржук АРЖАНЦАЎ

 

На днях прачытаў у газеце “Новы час” інтэрв’ю з вядомым краязнаўцам Магілёўшчыны. Аляксандр Грудзіна родам са Шклова, выдаў дзве кнігі, апублікаваў…

сотні артыкулаў па гісторыі сваёй малой Радзімы, першы артыкул надрукаваў яшчэ ў 1980 годзе. Такія людзі адкрываюць для нас краіну, апавядаюць пра яе мінулае і робяць зразумелай нашу сучаснасць. Дзякуючы ім, разумееш, што жывеш у Беларусі і працягваеш ісці па шляху нашых агульных продкаў. Але, на жаль, так патрэбная грамадству краязнаўчая праца не заўсёды знаходзіць падтрымку ў чыноўнікаў і іншых прадстаўнікоў улады.
А. Грудзіна прызнаецца: “Мяне моцна засмучае сучасны стан краязнаўства”. Ён нагадвае, як у пачатку 1990-х гадоў у Беларусі абудзілася цікавасць да гісторыі. У Магілёве пачало актыўна працаваць абласное краязнаўчае таварыства, друкаваліся гісторыка-краязнаўчыя зборнікі «Магілёўшчына» і «Магілёўская даўніна». Менавіта у той перыяд сярод мясцовых краязнаўцаў, якія пражывалі ў райцэнтрах і на вёсцы, з’явілася ідэя своеасаблівага аб’яднання.
На пачатку 2000-х гадоў гэтая ідэя ўвасобілася ў якасці грамадскай ініцыятывы «Асацыяцыя краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны». У сакавіку 2005 года была праведзена першая краязнаўчая канферэнцыя ў мястэчку Краснаполле. Другія краязнаўчыя чытанні адбыліся ў Клімавічах (2006 год), потым былі Шклоў (2008 год) і Бялынічы (2009 год). Як кажа спадар Грудзіна: “Уся арганізацыйная праца па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, выданні зборнікаў і матэрыялаў праводзілася выключна намаганнямі саміх краязнаўцаў. Ад дзяржавы патрабаваўся толькі дазвол і памяшканне”.
Але спадзяванні на дзяржаўную падтрымку не апраўдаліся: “Аднак тады ў дзяржавы змяніліся адносіны да грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку і да краязнаўчых… вельмі цікавая і неабходная ініцыятыва паступова спыніла сваю дзейнасць. Асабіста для мяне гэта вельмі сумна. Дый не толькі для мяне, а для ўсіх краязнаўцаў Магілёўшчыны”. У выніку такіх зменаў «Асацыяцыя краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны» перастала існаваць.
Таксама мы звярнулі ўвагу на тое, што А. Грудзіна вельмі прыязна ўспамінае пра нашага земляка, ураджэнца Клімаўшчыны Міхаіла Дуктава. Па ягоных словах, сярод найбольш актыўных арганізатараў і ўдзельнікаў сустрэч і канферэнцый быў настаўнік з вёскі Мілаславічы Клімавіцкага раёна Міхась Дуктаў. Як падкрэслівае спадар Грудзіна, “менавіта дзякуючы апошняму былі надрукаваны матэрыялы канферэнцыі «Шклоўскі раён: шлях праз стагоддзі», якая адбылася ў Шклове ў 2008 годзе”. З дапамогай гісторыка Дуктава краязнаўчыя чытанні адбыліся і ў Клімавічах.
Міхаіл Пятровіч Дуктаў (1972-2015) здолеў зрабіць шмат добрых і карысных спраў. Гісторык, выкладчык, выдатны краязнаўца аставіў пасля сябе шэраг публікацый пра родныя мясціны. Ён быў адным са стваральнікаў каштоўнай кнігі “Геаграфічна-статыстычны слоўнік: Клімавіцкі раён”. З ягонай дапамогай у Мілаславіцкай школе быў адчынены гісторыка-этнаграфічны музей, які стаў гонарам як для педагогаў і вучняў, так і для ўсяго насельніцтва вёскі. Гэтая дзейнасць дала яму права застацца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў, з кім ён сябраваў і працаваў. Чалавека памятаюць па зробленных ім справах — так было і так будзе заўжды.

Распавесці:
Каментары:
  1. Аляксандр Грудзіна

    Захавалія фотаздымкі Міхася Дуктава на краязнаўчай канферэнцыі 2008 года ў Шклове.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*Абарона ад спаму: Лимит времени истёк. Пожалуйста, перезагрузите CAPTCHA.