ПА СТАРОНКАХ ЧАСОПІСА «МАЛАДНЯК КАЛІНІНШЧЫНЫ»

2.13.2017 | История
MALADNIAK_fota

Дар’я ЭВЕРС, дырэктар Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея

 

У лістападзе 1923 г. было створанае Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», якое існавала да лістапада 1928 г. Філіі дзейнічалі ў… Мінску, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Клімавічах. Афіцыйна Калінінская філія «Маладняка» (з ліпеня 1924 года Клімавічы былі цэнтрам Калінінскай акругі) была заснаваная ў Клімавічах пры ўдзеле Адама Бабарэкі. З 1924 па 1926 г. яна выдавала літаратурна-мастацкі часопіс «Маладняк Калініншчыны». За два гады выйшла 6 нумароў, першы нумар датаваны 23 лістапада 1924 г.
У Клімавіцкім краязнаўчым музеі захоўваецца №3-4 часопіса, выдадзенага 23 красавіка 1926 г. Яго ў 1980 г. перадаў у музей наш зямляк пісьменнік Павел Кавалёў.
Выдадзены часопіс на беларускай мове. На трэцяй старонцы змешчаны фотаздымак, на ім — адказны сакратар філіі Алесь Карачун, старшыня прэзідыума філіі Язэп Падабед, загадчык АПА Калінінскага акругкама КПБ Фелікс Купцэвіч, член прэзідыума філіі Сымон Музыка і рэдактар газеты «Наш працаўнік» Міхась Модэль.
У часопісе тры разделы. У палітычным раздзеле змешчаныя артыкулы М. Модэля «Ленін і моладзь» і М. Каменскага «ХIV партз’езд УсеКП(б) аб працы ЛКСМ».
У літаратурна-мастацкім раздзеле змешчаныя апавяданні Алеся Валожкі «На бацькаўшчыне», Алеся Карачуна «Заваёванае» (напісанае ў Клімавічах 13-16 сакавіка 1926 г.), Аўгіні Вігуры «Пад праменямі гарачага сонца», побытавая п’еса ў трох дзеях Сымона Музыкі «Купалле», якую ён ахвяраваў драмгуртку пры Саюзе Друкароў Калініншчыны. Першы раз п’еса была пастаўленая 21 сакавіка 1926 г. драмгуртком клімавіцкай друкарні. Таксама ў гэтым раздзеле надрукаваныя вершы Язэпа Падабеда, Кандрата Крапівы, Алеся Карачуна, Н. Чубакова, Янкі Міхневіча, Зямы Піваварава, В. Радчанкі, Д. Раманёнка.
У крытычным раздзеле змешчаныя практычныя паказанні маладняцкім гурткам пры разглядзе мастацкіх твораў.
Каштаваў часопіс 30 капеек, надрукаваны быў у клімавіцкай друкарні. На вокладцы змешчаныя звесткі аб кнігарні Калінінскага акруговага аддзялення, якая знаходзілася ў Клімавічах на вуліцы Савецкай. Яна забяспечвала ўсю акругу падручнікамі, навуковай, палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, педагагічнай, сельскагаспадарчай, тэатральнай, дзіцячай і іншай літаратурай на беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай мовах. Кнігарня прымала падпіску на цэнтральныя і рэгіянальныя газеты і часопісы, што выдаваліся не толькі ў СССР, але і за мяжой і былі дазволеныя да ўвозу ў краіну. Акрамя таго кнігарня высылала кнігі накладной платай, прадавала розныя канцылярскія прылады і папяровыя вырабы. Калінінская кнігарня мела раённыя аддзяленні ў Касцюковічах, Крычаве, Мсціславе, Расне, Краснаполлі, Чэрыкаве і Хоцімску.

* друкуецца паводле публікацыі ў “Краязнаўчай газеце”

Распавесці:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*Абарона ад спаму: Лимит времени истёк. Пожалуйста, перезагрузите CAPTCHA.