АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА ПРЫВІТАЛІ Ў КРЫЧАВЕ ВОКЛІЧАМ “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”

12.9.2017 | Грамадства

Сяргей АРЖАНЦАЎ

18 лістапада ў “Юрыдычную гасцёўню” у Крычаве да журналістаў газеты “Вольны горад” і грамадскіх актывістаў рэгіёна завітаў вядомы беларускі праваабаронца, кіраўнік… Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Падчас сустрэчы шаноўны госць распавёў пра сваё жыццё, гісторыю праваабарончага руху ў Беларусі, ахарактарызаваў апошнія падзеі ў краіне і свеце. Таксама Алесь Бяляцкі адказаў на пытанні, падарыў і падпісаў кнігі ўсім жадаючым.

АЛЕСЬ РАСПАВЁЎ НАМ ПРА “ВЯСНУ”

На сустрэчу з Алесем Бяляцкім прыйшлі больш за 20 жыхароў з Крычава, Клімавічаў і Чэрыкава. У асноўным усе яны з’яўляюцца сябрамі розных грамадскіх і палітычных арганізацый (БАЖ, БХК, БНФ, АГП, незалежныя прафсаюзы). Менавіта таму выступленне Алеся Бяляцкага было прысвечана наступнай тэме: «Гісторыя грамадзянскага супраціву ў Беларусі ў 1990-2013 гг. і выклікі для праабарончага руху Беларусі падчас геапалітычных зрухаў апошніх трох гадоў».
Алесь распавёў нам пра «Вясну»: гісторыю яе стварэння, пазбаўленне рэгістрацыі, абскарджванне, — падсумаваў агульныя вынікі сустрэчы рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. — Таксама ён распавёў пра сабе, як стаў прыхільнікам дэмакратычнага руху, пра перашкоды з боку ўлады, пра зняволенне ў калоніі, падтрымку з усяго свету, сваё вызваленне. Расказаў пра Форум праваабаронцаў, які адбыўся ў Вільні. І шмат — пра сучасныя выклікі для праваабаронцаў, разгоны ўвесну, справы РЭП і «патрыётаў», пра ціск на журналістаў, што працуюць на “Белсат”.
Пасля лекцыі крычаўскія журналісты зладзілі для Алеся Бяляцкага невялікую экскурсію па горадзе. “Падчас экскурсіі на беразе возера Чорнае нечакана сустрэлі кампанію людзей, якая смажыла шашлыкі. Пазнаўшы мяне і Алеся Бяляцкага, яны крыкнулі: «Жыве Беларусь!», чым вельмі ўразілі Алеся, — згадаў Сяргей Няроўны. — Наогул, сустрэча прайшла ў цёплай і давяральнай атмасферы, Алесь увесь час казаў пра важнасць захавання незалежнасці, беларускай мовы, вяртання краіны на шлях дэмакратыі”.

ЯНЫ МАРЫЛІ ПРА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ

Распавядаючы пра галоўныя этапы грамадзянскага супраціву ў Беларусі, Алесь Бяляцкі неаднаразова звяртаўся да тых ці іншых фактаў з сваёй уласнай біяграфіі. І гэта цалкам зразумела, бо ён і яго сябры знаходзіліся сярод тых асобаў, хто ствараў першыя дэмакратычныя асяродкі у беларускім грамадстве. Трэба падкрэсліць, што гісторыя грамадскага актывізму, стварэння паўлегальных гурткоў і арганізацый пачалася яшчэ да так званай гарбачоўскай перабудовы. Ужо тады былі юнакі і дзяўчаты, якіх аб’яднала любоў да Беларусі, прага да ведання яе сапраўднай мінуўшчыны, неадольнае жаданне палепшыць жыццё беларускага народа.
Спачатку, прыгадвае Алесь Бяляцкі, было вельмі цяжка. Камуністы за дзесяцігоддзі кіравання настолькі запалохалі людзей, што яны пужаліся ўсяго, што мела хоць нейкія нацыянальныя прыкметы. Старэйшыя пакаленні добра памяталі, да якіх жудасных вынікаў прыводзілі абвінавачванні ў нацыяналізме. А моладзь ужо вырасла ў умовах, дзе амаль не чула беларускую мову, не ведала культуру і гісторыю дасавецкай Беларусі. Па словах спадара Бяляцкага, у тыя часы першыя беларускія адраджэнцы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар.
Упершыню паўсюль гаварыць па-беларуску Алесь стаў у 1981 годзе, калі быў студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У наступным годзе ён сустрэў аднадумцаў, гэта былі ўдзельнікі нефармальнай грамадскай арганізацыі “Майстроўня” у Мінску. Сярод іх Вінцук Вячорка, Сяргей Сокалаў-Воюш, Сяргей Запрудзкі, Алесь Суша. Майстроўцы гуртавалі вакол сябе людзей, якія цікавіліся народнай культурай, спевамі і абрадамі. Але ўнутры гуртка існавала кола тых, хто ўжо тады ставіў перад сабой палітычныя задачы. Як успамінае Алесь Бяляцкі, яны марылі пра стварэнне незалежнай Беларусі, каб краіна атрымала сапраўдную дзяржаўную незалежнасць.
Калі пачалася перабудова, грамадскія працэсы набылі развіццё. У 1986 годзе Алесь Бяляцкі і знакаміты паэт Анатоль Сыс заснавалі Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Ужо ў хуткім часе “тутэйшых” было каля 100 чалавек, яны пісалі творы, якія мелі гучны рэзананс. А ў снежні 1987-га на Першым Сойме Канфедэрацыі беларускіх суполак, на якім прысутнічалі прадстаўнікі амаль 100 недзяржаўных арганізацый, было створана аб’яднанне беларускай моладзі. Прынятая на Сойме праграма палітычных пераўтварэнняў лягла ў аснову будучай праграмы БНФ.

ПЕРАЛОМНЫЯ ГАДЫ

Актыўнасць Алеся Бяляцкага была заўважана ўладамі, ім зацікавіліся ў КДБ. Невыпадкова, што ў сярэдзіне 80-х яго тройчы адлічалі з аспірантуры Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Але кіраўніцтва Інстытута зноў вяртала яго на вучобу, бо разумела, што ціск на Бяляцкага адбываецца з-за яго дзейнасці.
19 кастрычніка 1988 года Алесь Бяляцкі стаў сузаснавальнікам першай праваабарончай арганізацыі “Мартыралёг Беларусі” і сябрам арганізацыйнага камітэту БНФ. А праз пару тыдняў 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску адбылася спроба адсвяткаваць “Дзяды”. На шэсце і мітынг сабраліся тысячы людзей. Улады кінулі на іх міліцыю, было шмат пабітых і арыштаваных. Затрымалі ў той дзень і Алеся Бяляцкага, ён трапіў пад суд і атрымаў першы ў сваім жыцці штраф — 200 савецкіх рублёў, даволі значная сума па тых часах. Паказальна, што грошы сабралі калегі па Інстытуту літаратуры. Дырэктар Віктар Каваленка выклікаў яго да сябе і сказаў, вось вам грошы, якія інстытут сабраў, заплаціце штраф. Мабыць, тады, як згадвае спадар Бяляцкі, калі ён непасрэдна адчуў грамадскую падтрымку, у ім пачаў нараджацца будучы праваабаронца.
Скончыўшы аспірантуру, увосень 1989 г. Алесь становіцца малодшым навуковым супрацоўнікам у Музеі гісторыі беларускай літаратуры. А потым калектыў Літаратурнага музею Максіма Багдановіча выбраў яго сваім кіраўніком. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 10 гадоў (з 1989 па 1998), увесь час спалучаў творчую і грамадска-палітычную дзейнасць. Па словах спадара Бяляцкага, для нас усё было сродкам выканання тых мэтаў, якія мы ставілі ў самым пачатку — дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі.
Калі Савецкі Саюз пачаў сыход з палітычнай арэны свету, Алесь Бяляцкі ўжо быў вядомым дзеячом, дэпутатам Мінскага гарсавету, што дазваляла адстойваць грамадскія інтарэсы на зусім іншым узроўні. У 1991 годзе ён з сябрамі і аднадумцамі здолелі здзяйсніць сваю мару — дамагчыся дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

ПРАВААБАРОНЕЦ ЯК ПРЫЗВАННЕ

Перамены пачатку 90-х моцна і непапраўна змянілі краіну, у якой усталяваўся зусім іншы дзяржаўны лад, эканоміка і грамадскія адносіны. Яшчэ больш паўплывалі на грамадства вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе. Аляксандр Лукашэнка адкрыта выкарыстоўваў усе магчымасці пасады прэзідэнта для ўтрымання ўлады. Беларусь імкліва губляла невялікія набыткі часоў дэмакратыі, пачаліся звальненні і арышты тых, хто патрабаваў выконваць Канстытуцыю і законы. У выніку вясной 1996 года з ініцыятывы Алеся Бяляцкага была створана грамадская праваабарончая арганізацыя «Вясна–96». Яе галоўнай задачай стала абарона і падтрымка палітычных зняволеных, юрыдычная дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій, а таксама збор і распаўсюд праваабарончай інфармацыі.
Гэта была цалкам легальная арганізацыя, яе нават афіцыйна зарэгістравалі. Як прызнаецца Алесь Бяляцкі, у той перыяд праваабаронцы не разлічвалі, што «Вясна» праіснуе так доўга. Тады яшчэ ніхто не мог падумаць, што Лукашэнка будзе столькі гадоў трымаць уладу. Але сітуацыя вельмі хутка прымусіла перагледзець ранейшыя погляды. Асабліва пасля таго, як сталі знікаць вядомыя палітыкі, з’явілся палітычныя зняволеныя, апынуліся за кратамі мноства грамадскіх актывістаў.
Напрыканцы 90-х «Вясна» ужо дзейнічае як арганізацыя рэспубліканскага маштабу, адчыняюцца гарадскія і раённыя філіі. Праваабаронцы назіраюць за выбарамі, аказваюць дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, падтрымліваюць незалежных юрыстаў і журналістаў. Увесь час на супрацоўнікаў «Вясны» ціснуць, штрафуюць, праводзяць праверкі і допыты. У 2003 годзе Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў увогуле пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі, але сябры арганізацыі вырашылі працягваць сваю высакародную дзейнасць. Было зразумела, што ім не дазволяць працаваць легальна, бо тры разы адмаўлялі ў новай рэгістрацыі.
6 сакавіка 2004 г. «Вясну» прынялі ў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека (FIDH), якая аб’ядноўвае больш за 160 праваабарончых арганізацый свету. У 2006 г. Алесь Бяляцкі быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру, у 2007 г. абраны віцэ-прэзідэнтам FIDH. Уплыў і вядомасць беларускіх праваабаронцаў пашыраюцца, што ўсё больш не падабаецца ўладам. У памяшканнях «Вясны» сістэматычна праводзяцца вобшукі, канфіскоўваецца тэхніка, затрымліваюцца супрацоўнікі. А 4 жніўня 2011 г. арыштавалі самога Алеся Бяляцкага. Ён быў абвінавачаны ў нявыплаце падаткаў, а потым асуджаны да пазбаўлення волі.

ПЕРАМОГ І ВЯРНУЎСЯ НА ВОЛЮ

Па ўспамінах спадара Бяляцкага, улады чакалі, што ён будзе хавацца за мяжой. Для іх гэта быў бы найлепшы варыянт, чым праводзіць гучны суд, прыводзіць нейкія доказы, шукаць сведкаў. Але Алесь Бяляцкі не пажадаў зрабіць ім такі “падарунак”, хаця ў яго былі магчымасці не трапіць пад арышт. Ён прыняў рашэнне застацца ў Беларусі, ужо ведаючы, што трапіць у турму. Шматгадовае змаганне за дэмакратыю, за правы чалавека патрабавалі застацца верным сваім прынцыпам, паказаць на ўласным прыкладзе, што асоба можа супрацьстаяць сістэме.
24 лістапада 2011 г. кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Віны ён не прызнаў, на судзе пераканаўча абверг прад’яўленыя факты і доказы следства. Так жа паводзіў сябе і ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2, неаднаразова адмаўляўся пісаць заяву на памілаванне. Як успамінае спадар Бяляцкі, выкарыстоўваліся самыя розныя спосабы прымусіць яго зламацца. Пазбаўлялі спатканняў з роднымі, не дазвалялі іншым зняволеным размаўляць з ім, быў перыяд, калі год не атрымліваў перадач з волі. Каб мацней націснуць, Бяляцкага прызналі злосным парушальнікам устаноўленага парадку адбыцця пакарання, што перакрэсліла магчымасць прымянення да яго амністыі. Але ўсё было марна, нязломны палітвязень упарта трымаўся, а за гэтай барацьбой назіралі па ўсім свеце.
Міжнародныя арганізацыі, кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША, парламентарыі шэрагу краін патрабавалі ад беларускіх уладаў вызвалення Алеся Бяляцкага. Зноў было падтрымана яго вылучэнне на Нобелеўскую прэмію міру. За час зняволення на імя Бяляцкага ў калонію прыйшло больш за 40 тысяч лістоў і паштовак. Былі дні, калі ён атрымліваў больш лістоў, чым усе астатнія 2000 чалавек, што сядзелі ў калоніі. Зразумела, яны ведалі пра акцыі салідарнасці, якія праходзілі ў свеце. Але Алеся паважалі не толькі за гэта, ён прызнаецца, што ў месцах зняволення глядзяць, галоўным чынам, на твае паводзіны. Выдаць сябе за іншага не атрымаецца, там гэта практычна немагчыма.
Вызваленне ў чэрвені 2014-га стала для Алеся Бяляцкага нечаканым. Тым больш, што ён па-ранейшаму адмаўляўся напісаць прашэнне аб памілаванні. Ён успамінае, што была суббота, звычайны дзень. Заходзіць афіцэр і паведамляе, што выклікаюць да начальніка калоніі. Нейкі пракурор абвесціў Алесю пра амністыю. А мы з адвакатам, успамінае спадар Бяляцкі, ужо не разлічвалі на яе, бо мяне зрабілі «злосным парушальнікам», а такім амністыю не даюць. Сказалі збіраць рэчы, потым пасадзілі ў машыну і адвезлі на вакзал. Праз некалькі хвілін ён ўжо ехаў у электрычцы ў Мінск. Папрасіў у некага мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць жонцы. У Мінску яго сустракалі родныя, сябры і журналісты. За кратамі Алесь Бяляцкі правёў больш за тысячу дзён.
Напрыканцы сустрэчы з удзельнікамі “Юрыдычнай гасцёўні”, спадар Бяляцкі адзначыў наступнае. Ён на сваім досведе даведаўся, што барацьба за правы чалавека ў Беларусі мае сапраўды надзённае значэнне. І на гэтым шляху трэба яшчэ шмат чаго зрабіць.

БІЯГРАФІЯ АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА:

Алесь (Аляксандар) Віктаравіч Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 г. ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі з Беларусі на заробкі. У 1964 годзе бацька, Віктар Усцінавіч, і маці, Ніна Аляксандраўна, вярнуліся ў Беларусь. Месцам жыхарства сям’я абрала горад Светлагорск. У Светлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу №5.
У 1979 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту, дзе распачаў літаратуразнаўчую і грамадскую дзейнасць. У 1984 атрымаў дыплом, працаваў настаўнікам ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці.
У 1984 годзе Алеся Бяляцкага прызвалі ў армію. Служыў пад Свярдлоўскам механікам-вадзіцелем браніраванага цягача ў артылерыйскім батальёне.
Пасля дэмабілізацыі з арміі працягваў вучобу ў аспірантуры Інстытута літаратуры пры Акадэміі навук, займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю. У 1986 годзе Бяляцкі быў адным з стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым быў абраны старшынём гэтай арганізацыі (1986-1989).
У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».
Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музею гісторыі беларускай літаратуры. У выніку конкурса быў абраны дырэктарам Літаратурнага музею Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе працаваў да 1998 году.
З 1996 года з’яўляеца старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна». Таксама Алесь Бяляцкі зьяўляецца дзейсным сябрам творчых саюзаў: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларуская асацыяцыя журналістаў. Аўтар некалькіх кніг. Мае шэраг міжнародных ўзнагарод. Муніцыпалітэт гораду Генуя (Італія) ў 2010 годзе надаў Алесю Бяляцкаму званне “Ганаровы грамадзянін Генуі”.
Жанаты, мае сына.

* паводле інфармацыі з сайта spring96.org

Распавесці:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*Абарона ад спаму: Лимит времени истёк. Пожалуйста, перезагрузите CAPTCHA.